БСПН мяняе стратэгію
Бізнес саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С. Куняўскага (БСПН) мае намер адмовіцца ад іміджу элітнага клуба і стаць масавай арганізацыяй для бізнесменаў.
З нагоды 25-годдзя саюза на пытанні газеты «Беларусы і рынак» адказаў ганаровы старшыня БСПН Георгій БАДЗЕЙ.
– Георгій Пятровіч, 25 год – немалы тэрмін. Што атрымалася і што не атрымалася за гэты час у саюза?
– Атрымалася пераадолець негатыўнае стаўленне да малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (МСП) з боку ўлад. Як вынік, ў 2014 годзе доля МСП у аб'ёме ВУП перавысіла 25 %.
Істотна палепшыліся ўмовы для вядзення бізнесу. У рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business Беларусь перамясцілася з канца спіса на 44-е месца.
Не атрымалася дамагчыся змены ролі дзяржавы ў эканоміцы. Дзяржава мусіць быць арбітрам, а не іграком у эканамічным жыцці краіны, як гэта адбываецца ў нас. Адсюль і няроўныя ўмовы гаспадарання для розных формаў уласнасці, і пратэкцыянізм на карысць дзяржпрадпрыемстваў, і праблемы з гарантыяй недатыкальнасці ў адносінах да прыватнай уласнасці, і частыя выпадкі ўмяшання чыноўнікаў у дзейнасць прыватных фірмаў.
Разам з тым некарэктна было б гаварыць, што менавіта БСПН дамогся пэўных рэформаў у эканоміцы, бо наш саюз – толькі часцінка дзелавой супольнасці. Змены ва ўмовах гаспадарання сталі заслугай усяго грамадства, у тым ліку ўрада, парламента, недзяржаўных арганізацый, а таксама дырэктараў-прадпрымальнікаў. Мы толькі прыклалі ўсе магчымыя намаганні для ўдасканалення заканадаўства ў абласцях рэгістрацыі новага бізнесу, ліцэнзавання, падатковай і крэдытна-грашовай палітыкі, развіцця канкурэнцыі і інш.
– Над чым працуеце зараз? Што вызначылі як найбольш важнае?
– Цяпер прыярытэтам для БСПН з'яўляюцца аздараўленне фінансавага становішча суб'ектаў гаспадарання, пераадоленне рэцэсіі і выхад на траекторыю росту эканомікі. Для гэтага неабходна палепшыць найперш дзелавы і інвестыцыйны клімат, умацаваць канкурэнтаздольнасць прадпрыемстваў і эканомікі ў цэлым.
– Як вы ацэньваеце гатоўнасць улады да прадуктыўнага дыялогу з бізнес-саюзамі?
– У межах уласнага светапогляду і сітуацыі ў эканоміцы ўлада да яго гатова. Яшчэ шмат што залежыць ад сталасці аб’яднанняў бізнесу. У дыялогу з урадам вельмі важны канструктыўны падыход, абгрунтаванасць і пераканаўчасць прапаноў. На жаль, гэтага нашым бізнес-саюзам, у тым ліку БСПН, часта не хапае.
З іншага боку, цяжка знайсці чорную котку ў цёмным пакоі, асабліва калі яе там няма! Чаму бізнес павінен даказваць немэтазгоднасць або недарэчнасць таго ці іншага дзеяння дзяржаўнага органа? Усе рашэнні ўлад апрыёры павінны быць нацэленыя на дапамогу бізнесу, а не на стварэнне дадатковых бар'ераў перад ім. Аднак чамусьці чыноўнікі часта ствараюць менавіта бар'еры…
– Стварэнне ЕАЭС вымушае выходзіць на наднацыянальны ўзровень пры вырашэнні рознага роду задач. Але ад многіх чыноўнікаў і бізнесменаў паступаюць нараканні на тое, што голас беларускіх бізнес-саюзаў амаль не чутны ў Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК). Што робіць БСПН, каб дастукацца да еўразійскіх чыноўнікаў?
– Спачатку я паспрабаваў бы знайсці адказ на пытанне: а наколькі ўвогуле голас Беларусі чутны ў ЕЭК? Так, у камісіі працуюць нашы міністры ды розныя тэхнічныя работнікі, але надзейнай творча-аналітычнай асновы, зваротнай сувязі з бізнесам яны, здаецца, не маюць.
Ствараецца ўражанне, што нават пасля ўваходжання ў ЕАЭС Беларусь так і не вызначылася, навошта ёй гэта патрэбна. Для атрымання часовых выгод у выглядзе танных энерганосьбітаў? Дзеля падрыхтоўкі да інтэграцыі ў сусветную эканоміку? Ці для чаго-небудзь іншага?
Вымушаны прызнаць, перш за ўсё праз недахоп сродкаў нашы бізнес-саюзы, у тым ліку БСПН, таксама не гатовыя весці сістэмную работу ў ЕЭК. Ды й дзяржаўныя органы не праяўляюць у гэтым зацікаўленасці. Разам з тым БСПН неаднаразова ўносіў свае прапановы аб гарманізацыі гаспадарчага заканадаўства ў ЕАЭС, штогод ладзіць канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы, якія датычацца праблем эканамічнай інтэграцыі. Саюз заключыў пагадненне аб узаемадзеянні з Дэпартаментам антыманапольнага рэгулявання і развіцця канкурэнцыі ЕЭК.
Варта не грукаць у дзверы еўразійскіх чыноўнікаў, а імкнуцца да зацікаўленага і кампетэнтнага супрацоўніцтва. Перадумовай для гэтага мусяць быць адпаведныя палітычныя рашэнні, бо, нягледзячы на шматлікія заявы, нацыянальнае заканадаўства працягвае дамінаваць у эканамічным жыцці краін.
– Георгій Пятровіч, чаму большасць беларускіх суб'ектаў гаспадарання ўсё яшчэ не арганізавана ні ў бізнес-саюзы, ні ў рэгіянальныя або галіновыя асацыяцыі? Няма заканадаўчай базы? Прадпрыемствы не гатовыя ўплываць на рэгулятыўны асяродак, не дасведчаныя аб магчымасцях бізнес-саюзаў? Ці ёсць нейкія іншыя прычыны?
– Прычын шмат – ад менталітэту да практыкі прыняцця рашэнняў. Сапраўды, не хапае сяброўскага да бізнес-саюзаў заканадаўства. У свой час БСПН ініцыяваў распрацоўку закона «Аб аб'яднаннях наймальнікаў». Праект быў прыняты Нацыянальным сходам, але не падпісаны прэзідэнтам. Законы аб прафсаюзах і ўрадзе прынятыя, а пра трэці бок сацыяльнага партнёрства, аб'яднанні наймальнікаў, належным чынам не паклапаціліся.
У чымсьці вінаватыя і самі бізнес-саюзы. Некаторыя з іх больш працуюць на тэлеэкраны і займаюцца піярам, чым вырашаюць праблемы прадпрыемстваў. Падобныя паводзіны заўсёды прыводзяць да расчаравання і недаверу.
Што да БСПН, то доўгі час мы былі напаўзакрытай арганізацыяй. Па ініцыятыве некаторых членаў разглядалася нават магчымасць абмежаваць уступленне ў саюз, зрабіць яго своеасаблівым элітарным клубам для пэўнага кола бізнесменаў. Мы не дужа імкнуліся піярыцца, расказваць пра сябе, увялі досыць грувасткія працэдуры далучэння да саюзу. Але я лічу, што сапраўдную вагу ў эканамічным жыцці краіны можа мець толькі масавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае значную колькасць суб’ектаў гаспадарання. Зараз мы адпаведным чынам мяняем стратэгію.
– Якія магчымасці для адстойвання інтарэсаў бізнесу ёсць у БСПН?
– Я ўжо гаварыў, што саюз працуе як над паляпшэннем умоў гаспадарання ў краіне ў цэлым, так і над асобнымі праблемамі сваіх членаў. Магчымасці залежаць ад складанасці і глыбіні гэтах праблем. Можна цвёрда сказаць, што БСПН заўсёды імкнецца зрабіць усё магчымае для аказання дзейснай дапамогі сваім членам.
Больш за тое, мы па ўласнай ініцыятыве імкнемся рашаць задачы, актуальныя для шырокага кола суб’ектаў гаспадарання: садзейнічаць экспарту, інвестыцыям, рэгіянальнаму развіццю і г. д. Фармат такой работы можа быць розным – ад правядзення лекторыяў, на якіх работнікі прадпрыемстваў могуць павысіць сваю кампетэнцыю, да правядзення кантактна-кааперацыйных біржаў з удзелам замежных інвестараў. Рэгулярна ладзім кірмашы інавацыйных ідэй, канферэнцыі, круглыя сталы, друкуем практычна карысныя матэрыялы для бізнесу. Сталай пляцоўкай для абмеркавання праблем і абмену вопытам стаў Рэспубліканскі клуб дырэктараў.
– Ці можаце акрэсліць планы БСПН на наступны год і на больш аддаленую перспектыву?
– У сілу сваёй пасады ганаровага старшыні саюза я магу толькі выказваць пажаданні і даваць рэкамендацыі, але не прымаць рашэнні. Пажаданні ж такія: працягваць канструктыўную працу дзеля эканомікі Беларусі, павелічэння ўкладу МСП у агульны дабрабыт, пераадолення рэцэсіі і выхаду на ўстойлівы рост.
Гутарыў Алесь Герасіменка